«БУЛЬБЯНЫ́Я» ЗАБАСТО́ЎКІ 1906,

выступленні батракоў і падзёншчыкаў на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. Пачаліся ўвосень 1906 з прычыны нізкай платы за ўборку бульбы. Найб. актыўна праходзілі ў Слуцкім, Ігуменскім, Навагрудскім, Віленскім, Ашмянскім, Пружанскім пав. Бастуючыя патрабавалі павялічыць падзённую плату і не дапускалі да работы сялян, нанятых у інш. паветах. Землеўладальнікі вымушаны былі пайсці на ўступкі. Адначасова паліцыя арыштоўвала кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў забастовак. У Віленскі пав. былі прысланы казакі. Пад канец 1906 забастоўкі задушаны.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)